Мэта ўрока: пазнаёміць вучняў з найбольш тыповымі правіламі пастаноўкі знакаў прыпынку
Задачы ўрока: засяродзіць увагу на правілах, калі коска паміж сэнсава-граматычнымі часткамі не ставіцца; выпрацоўваць уменне ствараць тэксты з уключэннем складаназлучаных сказаў; стварыць умовы для выхавання ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, гонару за сваю малую радзіму, захаплення ёю і павагі да яе.
Абсталяванне: карткі з заданнямі, карткі з тэставым заданнем;
Эпіграф: Увосень віюцца кілімы туману...
І сцелюцца нізка дываны з лістоў.
У.Дубоўка.
Дэвіз: Не сорамна не ведаць, а сорамна не вучыцца
Прыказка
Тып урока: урок набыцця новых ведаў
ХОД УРОКА
І. Арганізацыйны момант
Добрай раніцы! Я вельмі рада бачыць вас у добрым настроі. Паглядзіце, калі ласка, адзін на аднаго, усміхніцеся, бо ўсмешка працягвае жыццё, дорыць дабрыню, ласку, пяшчоту, чаго так не хапае ў наш імклівы і неспакойны час.
Сённяшні ўрок мне хацелася б пачаць словамі Уладзіміра Караткевіча.
Агонь. Часам ён бывае далёка. Але ўсё адно, ідучы па гурбах, радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далёка. З часам дойдзеш… І я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі.
А калі зусім замерзнеш?
Глупства! Ідзі! Мужныя не гінуць…
Як разумееце сэнс гэтых слоў? ( каб дайсці да мэты, чалавеку патрэбна перш за ўсё ісці). Я жадаю вам сёння на ўроку не стаяць на месцы, а рухацца наперад у паглыбленні сваіх ведаў, бо нашай Радзіме патрэбна адукаваная, крэатыўная моладзь.
- II. Вывучэнне новага матэрыялу.
- Каб добра засвоіць тэму ўрока , трэба паставіць перад сабой задачу. Задачы прапісаны на лісце ў кожнага з вас на парце. Адзначце для сябе тры, на ваш погляд, найбольш істотныя.
- Вывучыць матэрыял па тэме падручніка.
- Засвоіць асноўныя паняцці па тэме.
- Пазнаёміцца з найбольш тыповымі правіламі расстаноўкі знакаў прыпынку.
- Атрымаць добрую адзнаку на ўроку.
- Праявіць і развіваць здольнасці
- Пазнаць новае
- Праявіць творчасць
- Замацаваць папярэдні матэрыял.
- Свой варыянт.
Ну што ж, задачы пастаўлены, а я са свайго боку пастараюся стварыць умовы для развіцця і падтрымкі вашай творчай актыўнасці.
- Тлумачэнне тэмы (на кожнай парце ляжаць лісты з правілам)
І так, першая наша вандроўка ў краіну ведаў. На вывучэнне тэмы мы часу затрацім няшмат, бо вы вывучылі яе на ўроку рускай мовы.
Прыём інсэрт. Пастаўце + насупраць тых пунктаў, якія вы ўжо ведаеце, пастаўце мінус там, дзе нечага не помніце, а пытальнік – не зразумелі нічога.
Знакі прыпынку паміж часткамі ў складаназлучаных сказах
Коска паміж часткамі ў складаназлучаных сказах
Коска ставіцца паміж часткамі складаназлучанага сказа, якія аб’яднаны пры дапамозе злучнікаў:
і, ды (у значэнні “і”), дый (ды і), або (альбо), ці:
Празвінеў званок, і неўзабаве ў клас увайшла Ніна Мікалаеўна (Я. Бяганская). [...], і [... ];
Маці згатуе верашчаку са шкваркамі, ці сястра насмажыць вялізных бліноў. [...], ці [...];
але, а, ды (у значэнні “але”), ж (жа), аж, аднак, затое, толькі: Сонца ўжо зайшло, але захад усё яшчэ палаў расплаўленым золатам (Я. Бяганская). [...], але [...];
Ліст плыў побач з лодкай, ды нечакана за кармой закруціўся вір, імкліва зацягнуў ліст у мутную глыбіню (Я. Конеў). [...], ды [...];
паўторных злучнікаў і… і, ні… ні, то… то, не то… не то, або… або, альбо… альбо, ці… ці, ці то… ці то:
Іне было нічога ярчэй // За сонца на родным небе, // І не было нічога смачней // Матчынага хлеба (П. Панчанка). І [...], і [...].
Заўвага. Паміж часткамі складаназлучанага сказа, якія звязаны злучнікамі і, ды (у значэнні “і”), або, ці, коска не ставіцца, калі:
у складаназлучаным сказе ёсць агульны член, які адносіцца да абедзвюх частак, або агульная часціца ці пабочнае слова:
Яшчэ ў лугах зялёная раса і раніцою вецер коціць хвалі (А. Жыгуноў). [...] і [...];
часткі складаназлучанага сказа з’яўляюцца безасабовымі, няпэўна-асабовымі або назыўнымі сказамі:
Бэры і шафраны (К. Кірэенка). [...] і [...];
Вёска і вечар… (Мікола Мятліцкі). [...] і [...];
часткі складаназлучанага сказа маюць форму пытальных, пабуджальных ці клічных сказаў:
Прыедзе да цябе сяброўка або мы пойдзем у кіно? [...] або [...]? Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх [шляхах Беларусі] далях! (Якуб Колас). [...] і [...]!;
у другой частцы апушчаны выказнік або яго звязка, паколькі яны ёсць у першай частцы:
Прыбраўся лес і поле ў снегавы ўбор. [...] і [...];
Птушкі будуць прылятаць і кветкі цвісці. [...] і [...].
Кропка з коскай паміж часткамі ў складаназлучаных сказах
Кропка з коскай ставіцца паміж часткамі складаназлучанага сказа, якія звязваюцца паміж сабой злучнікамі і, ды (у значэнні “і”), а, але, толькі, аднак і інш., калі гэтыя часткі сэнсава самастойныя, развітыя і маюць свае знакі прыпынку (або развітая і мае свае знакі прыпынку адна з частак):
На падрыхтоўку святочнага мерапрыемства быў адведзены толькі адзін тыдзень; і арганізатары, нягледзячы на абмежаванне ў часе, справіліся з пастаўленай задачай. [...]; і [...].
Дзяўчаткі, збіраючыся на каток, узялі канькі; але каток у гэты дзень не працаваў. [...]; але [...].
Працяжнік паміж часткамі ў складаназлучаных сказах
Працяжнік ставіцца паміж часткамі складаназлучанага сказа, калі:
у другой частцы гаворыцца пра вынік у адносінах да першай:
Акрыляецца музыкай сэрца – // і ўздымаюцца крыламі рукі (В. Жуковіч). [...] – і [ ];
у другой частцы гаворыцца пра нечаканае дзеянне або ў сказе перадаецца хуткая змена падзей:
Адно імгненне – і з-пад іх ног вырываюцца воблакі шызага дыму, ахутваючы шчыльнай заслонай ланцуг (І. Навуменка). [...] – і [...];
Апоўдні аўтобус, нарэшце, вынырнуў з густога лесу ў бязмежнае поле, залітае сонцам высокае жыта – і вось яна, яго вёсачка!(У. Гаўрыловіч). [...] – і [...].
ІІІ.Размінка: Прытча пра матылька.
- У адным сяле жыў вядомы майстар. Людзі прыходзілі і прыязджалі да яго з розных вёсак і гарадоў, далёкіх і блізкіх, бо ён ведаў адказ на любое пытанне. Недалёка ад яго жыў другі чалавек, які лічыў сябе таксама майстрам. Але людзі да яго не хадзілі І захапіла яго чорная зайздрасць.
“Задам я пытанне гэтаму мудрацу, на якое ён не здолее адказаць. Злаўлю і зацісну матылька ў кулак. Спытаю яго: “Матылёк у маёй руцэ мёртвы ці жывы? Калі ён адкажа , што жывы, то сцісну кулак і пакажу ўсім, што матылёк мёртвы. А калі адкажа, што мёртвы, то раскрыю далонь, матылёк паляціць, а я пакажу ўсім, што гэты мудрэц нічога не ведае”.
Так і зрабіў на наступны дзень. Прыйшоў у двор да мудраца – там, як заўсёды, тоўпілася шмат людзей. Ён гучна пры ўсіх заявіў:
– Майстар, калі сапраўды майстар і мудрасць твая магутная, адкажы на простае пытанне – матылёк у маёй руцэ мёртвы ці жывы?
Той паглядзеў яму ў вочы і адказаў толькі адно:
– Усё ў тваіх руках”,
Усё ў вашых руках. І я жадаю вам поспехаў у дальнейшай працы.
- IV. Зварот да эпіграфа.
Увосень віюцца кілімы туману
І сцелюцца нізка дываны з лістоў. (У,Дубоўка)
Якія незразумелыя словы вам сустрэліся (настаўнік тлумачыць, што такое кілімы – шарсцяны бязворсавы дыван ручной работы, тут параўнанне)
Адзін з вучняў выклікаецца да дошкі, характарызуе сказ, тлумачыць знакі прыпынку паміж часткамі ў сказе.
- V. Давайце выразна прачытаем сказы.
- Бацькоўская хата, матчына песня, спеў жаваранка, клёкат буслоў, самыя пахучыя і прыгожыя лугавыя кветкі, росныя раніцы – усё гэта мая любая радзіма.
- Успомніш пра родныя мясціны – і сэрца напаўняецца радасцю.
- Жывём мы на гэтай чароўнай багатай зямлі і за штодзённымі клопатамі не заўважаем яе хараства, прывыкаем да ўсёй гэтай прыгажосці.
- Далёка разляцелася слава пра аграгарадок Лань і бясконцасць воднай прасторы, лясной цішыні.
Так, самае дарагое і вялікае, што мы маем, гэта наша Радзіма. Дзе б мы ні жылі, мы яе дзеці. Яна адна можа нас памірыць, з’яднаць, парадніць, напоўніць сэнсам наша існаванне. Што ад нас патрабуецца?(любіць яе) Давайце у Год малой радзімы нанова адкрыем для сябе нашу Беларусь i дудзем рабіць усё, каб нашу краiну ведаў i паважаў увесь свет.
Паспрабуйце знайсці “чацвёрты лішні сказ” і даказаць: чаму? Адзін вучань будуе схему на дошцы.
VІ. Фізкультхвілінка
Яшчэ зроблены адзін крок наперад у паглыбленні ведаў. Папрацавалі мы плённа, таму патрэбна адпачыць. Сядзьце роўненька, рукі пакладзіце на калені, заплюшчыце вочы, раслабцеся і паслухайце словы:
Кожную раніцу, выцягваючыся ва ўвесь рост, успомніце: “Я – чалавек. Заўсёды гатовы ўстаць побач ці наперадзе, працягнуць руку дапамогі, лёгка нахіліцца да малога ці слабага, падставіць плечы пад груз трывог і клопатаў, павярнуцца да тых, хто адстаў, дацягнуцца да мары, выбіраць паміж жаданнямі і магчымасцямі, пераскочыць праз стомленасць і боль, падняцца пасля няўдачы, пранесці праз усё сваё жыццё дружбу і любоў, змагацца з уласным ценем, глыбока ўздыхнуць таму, што не збылося, і ўсміхнуцца таму, што збудзецца”.
Расплюшчыце вочы, пацягніцеся, дакраніцеся да сонечных промняў, няхай сонейка вас абагрэе, скіньце ўвесь свой цяжар, усміхніцеся адзін другому. Я хачу, каб гэтыя словы сталі вашым дэвізам жыцця.
А цяпер знайдзіце ў класе надпісы на невялікіх лістах пра Нясвіж ці Лань, растлумачце пра што яны вам гавораць.
VІ. Праца па групах. Адразу адчуваецца, што тэорыю ведаеце добра. Давайце паспрабуем яе выкарыстаць на практыцы.
- Скласці міні-тэкст пра малую радзіму, ужываючы складаназлучаныя сказы
- Выпісаць складаназлучаныя сказы
1) Вецер то прыціхне раптам, то зноў шалёна загудзе, засваволіць.
2) У небе гарэлі зоркі, і далёка на лесам гулі самалёты.
3) На дварэ тым часам неба ачасцілася ад хмар і зазіхацелі зоркі.
4) У хлеў праз вароты заляталі ластаўкі, са шчэбетам насіліся ў вільчыку страхі, растапырыўшы раздвоеныя хвасты.
5) Далёка на паўночным захадзе тлела палоска зары, а ў другім баку бліскалі маланкі, але без грому.
6) Ці дзяцел застукае па сасне, ці шышка пакоціцца з елкі, ці пройдзе ліс, ці заяц праскочыць па свежым сняжку.
- Запісаць складаназлучаныя сказы, раставіць знакі прыпынку, пабудаваць схемы
1). У сакавіку, здараецца, ноччу ідзе дождж і ў вадасцёчнай трубе грыміць як гром абвальваецца намёрзлы лёд.
2) Над Вязынкаю дождж імжэў і вербы гнуліся, як хвалі.
3) У коміне вые і стогне вецер і гэта найлепшы акампанемент для чытання.
4) Але мінаў месяц, другі і вада спадала.
5) То ён згледзіць на дарозе цікавага жучка то з травы ўздымаецца птушка то праляціць прыгожы матылёк.
VІІ. Выкананне тэста (узаемаправерка).
1) Вызначце складаназлучаны сказ.
а) Гэтаксама маўкліва ляжалі валуны і дваццаць тысяч гадоў назад, і ў тыя часы пасялення першах славянскіх плямёнаў.
б) У Налібоках зоркі ды месяц раптам зацягнуліся белым туманам, і з неба на зямлю лягла густая цемната.
в) Навальніцаю вецер дыхнуў над ракою і раптоўна прыціх у трывожным спакоі.
2) У якім складаназлучаным сказе паміж прэдыкатыўнымі часткамі коска не ставіцца? (Знакі прыпынку не пастаўлены)
а) Зносіць вецер сухія лісты і зіма неўзабаве пастукае ў першыя дзверы.
б) Уначы добра падмарожвала і ў лесе санная дарога яшчэ трымае.
в) Якое дзікае хараство і якая цудоўная дзівосная сіла жыцця!
3) Вызначце сказ, у якім на мяжы частак ставіцца працяжнік. (Знакі прыпынку не пастаўлены)
а) Плывуць дні і ночы ў хвалях часу і восень сунецца пад тын.
б) Давайце прагуляемся па нашых мясцінах і ў вас адразу зменіцца ўяўленне аб іх.
в) Вузенькая кладка на палявой рачулцы і нам на гэтай кладцы ніяк не размінуцца.
4) Вызначце сказ з пунктуацыйнай памылкай.
а) Дзесьці блізка крычаць кулікі і рака ўскіпае ад хвалі.
б) На ніве чутка дрэмле колас – і ліст на дрэве не дрыжыць.
в) Ён лёгка павёў левай рукой – і палілася песня.
5) Вызначце сказ, у якім паміж прэдыкатыўнымі часткамі ставіцца кропка з коскай. (Знакі прыпынку не пастаўлены)
а) Край неба наліўся зарою і сонца ўстала агнём прамяністым палі і лясы прывітала.
б) З далёкага цяплыньскага павета пакінуўшы ржавець зараны плуг спатнелае расхрыстанае лета прайшло і луг ад конікаў аглух.
в) Залаты колер ужаваўся на працягу ўсяго перыяду існавання гарадскіх гербаў і ў большасці выпадкаў ён звязаны з уладальніцкім радзівілаўскім гербам.
6) Вызначце сэнсавыя адносіны паміж прэдыкатыўнымі часткамі ў складаназлучаным сказе.
У жнівеньскі дзень зранку вуліца дрэмле, затое поле поўніцца жыццём.
а) супраціўныя;
б) размеркавальныя;
в) спалучальныя.
7) У якім складаназлучаным сказе паміж прэдыкатыўнымі часткамі коска не ставіцца? (Знакі прыпынку не пастаўлены)
а) Радасць абавязкова прыйдзе з гэтай песняй і ты можа спазнаеш тады і трывогу і шкадаванне і журбу.
б) І вырастае радасць і Млечны Шлях сплывае ў вечнасць і ляцяць сваёй млечнай дарогай над вясновай зямлёй журавы.
в) Зрэдку падавалі голас дзяцел або жаўна ды над вершалінамі старых тоўстых сосен кружыліся чароды варон.
8) Вызначце сказ, у якім на мяжы частак ставіцца працяжнік. (Знакі прыпынку не пастаўлены)
а) Сакавітая зеляніна травы і блакітная бель ракі.
б) Апошні перавал і ўнізе вялізнаю дугою рассыпаліся тысячы агнёў.
в) Дзе і як ні жыў бы чалавек а памяць першых сцежак назаўсёды застанецца ў сэрцы.
9) Вызначце сказ з пунктуацыйнай памылкай.
а) Недзе далёка-далёка паблісквала мокрае вясло і чарнела хісткая рысачка чоўна.
б) Дождж ідзе, і на сэрцы маркона, і душы не хапае спакою.
в) Пара б і вучыцца, дык школы няма і панскія школы не вучаць дарма.
VІІІ. Дамашняе заданне
ІХ. Рэфлексія. Давайце яшчэ раз звернемся да задач нашага ўрока. Як вы лічыце, ці справіліся мы з імі?
Неабходна прыкрапіць зялёны лісток тым, хто можа сказаць, што зразумеў тэму і можа дапамагчы сябру.
Жоўты лісток тым, у каго былі цяжкасці пры выкананні заданняў? (не хвалюйцеся, у нас яшчэ ёсць час адпрацаваць гэту тэму на наступных занятках)
Чырвоны лісток выбірае той, хто тэму не зразумеў наогул. Але перш, чым вешаць лісток на дрэва, вы напішыце складаназлучаныя сказы, у якіх выразіце любоў да Радзімы. Я пазней пачытаю і зраблю вынік, наколькі вы зразумелі тэму.
Дарогай ведаў вы будзеце ісці ўсё жыццё. Частку гэтай дарогі мы прайшлі ўпэўнена і цвёрда.
Тое, што я хацела вам даць на ўроку, падобна да цудоўнай яблыні, якая таемна шапаціць лісцем у спякоту. Тое, што я пры гэтым ведаю, усяго толькі галінка ад яблыні. Тое, што я паспела вам сказаць, усяго толькі яблык ад гэтай галінкі. Тое, што засталося ў вас, усяго толькі зярняткі. Але і з гэтых зярнятак вырасце цудоўная яблыня, якая будзе шапацець лісцем у спякоту. Жадаю поспехаў!